Чалавечая мова – гэта, як вялiкi стары таямнiчы бор, поўны жыцця, поўны звонкiх спеваў, нязнаных вясёлых i страшных шэптаў, поўны радасцi і смутку.
Услухайцеся ў родную мову! I вы пачуеце словы моцныя i велiчныя, як дубы, што ўзносяцца ў неба, ёсць словы вясёлыя, як песня сонца, ёсць словы, якiя звоняць нiбы жураўлiкi ў небе, альбо скардзяцца, як енк.
Паглядзiце, як гэта цiкава: некаторыя словы самiм сваiм гучаннем як бы пераймаюцъ тое, што выказваюць, напрыклад: рык, гром, свiст, гук.
Раскрыць дзецям прыгажосць роднай мовы, паказаць яе мiлагучнасць - адзiн са шляхаў выхавання любвi да сваей Радзiмы.
Дык будзем з замiлаваннем услухоўвацца ў нашу мову, разам вучыцца мове, далучацца да невычэрпных крынiц беларускай лiтаратуры, мастацтва, гiсторыі роднага краю.
Неабходна старацца як найлепш карыстацца роднай мовай, з павагай адносiцца да яе, прывiваць любоў i пашану да мовы Бацькаўшчыны нашым дзецям.
Хацелася б, паважаныя бацькi, каб нашым дзецям прывiвалася пашана да роднай мовы як у садку, так i дома.
У кожнай беларускай сям’i павiнны быць часопiсы, кнiгi для дзяцей на роднай мове. Выхаванне дзяцей павiнна грунтавацца на роднай гiсторыi, на родным фальклоры, на родных традыцыях.
Як мага больш чытайце дзецям апавяданняў, казкаў; вучыце вершы, прыказкi, пашырайце слоўнiкавы запас.
У нас ёсць надзея, што з вашага боку мы сустрэнем аднадумцаў, падтрымку i дапамогу.
Не знiшчым мы, не страцiм, не загубiм
Сваiх лугоў, сваіх азёр, сваiх лясоў.
I родны край, i мову не разлюбiм.
У кожным сэрцы гэты дзеяслоў.
В. Гардзей
|
.
.
ПРОГРАММНЫЕ ЗАДАЧИ
УЧЕБНОЙ ПРОГРАММЫ ДОШКОЛЬНОГО ОБРАЗОВАНИЯ
Адукацыйная вобласць: РАЗВIЦЦЁ МАЎЛЕННЯ I КУЛЬТУРА МАЎЛЕНЧЫХ ЗНОСIН
Сярэдняя група (ад чатырох да пяці год)
Мэта: фарміраванне устойлівай цікавасці і станоўчых адносін да нацыянальнай мовы, жаданне авалодаць беларускай мовай; выхаванне асноў нацыянальнага светапогляду.
Задачы развіцця выхаванца ў дзейнасці:
- садзейнічаць адрозненню дзецьмі беларускага і рускага маўлення;
- пабуджаць да ўзнаўлення кароткіх літаратурных твораў на беларускай мове, да разыгрывання іх;
- развіваць элементарныя навыкі зносін на беларускай мове.
Слоўнік
Узбагачэнне беларускага слоўніка дзяцей словамі - назвамі прадметаў асяроддзя, іх якасцей, дзеянняў.
Разуменне і ужыванне абагульняльных слоў (цацкі. посуд,адзенне. мэбля).
Засваенне форм ветлівасці (добрай раніцы, добры дзень, добры вечар, дабранач, да пабачэння, дзякуй, калі ласка, смачна есці, прабач).
Граматычны лад маўлення
Засваенне некаторых асаблівасцей граматычнага ладу беларускага ладу беларускага маўлення: множнага ліку назоўнікаў (дамы,лясы, вокны); роднага склону назоўнікаў ( санак, лыжак,лялек); меснага склону назоўнікаў (на назе, у руцэ,на двары); давальнага склону назоўнікаў (дапамагчы Аленцы, дапамагчы Янку); загаднага ладу дзеясловаў (мый, сядай, пі, паскачы); форм 3-яй асобы адзіночнага і множнага ліку дзеясловаў (ідзе, піша, малюе, варыць, гуляюць, хочуць); асаблівасцей роду некаторых назоўнікаў (смачны яблык, калматы сабака).
Разуменне і ўменне суадносіць з малюнкамі назвы жывёл і іх дзіцянят (кошка-кацяня, качка-качаня. ліса-лісяня).
Гукавая культура маўлення
Правільнае вымаўленне спецыфічна беларускіх гукаў: фрыкатыўных [ г ]; заўсёды цвёрдых гукаў [ ч ], [ р ] ізалявана ( у гукапераймальных словах), у словах і фразах; гука ў у словах і фразах.
Дыферэнцыяцыя ў вымаўленні і на слых слоў, падобных у рускай і беларускай мовах (дети - дзеці, ложка - лыжка, река - рака, уши - вушы і да т. п.).
Звязнае маўленне
Слуханне і разуменне мовы выхавальніка,адказы на яго пытанні.
Праслухоўванне беларускіх народных забаўлянак, казак, твораў беларускіх пісьменнікаў для дзяцей; адказы на пытанні па іх змесце.
Адказы на пытанні па змесце карцін і пры апісанні цацак.
Стварэнне выказванняў, самастойных па задуме і моўным афармленні.
Садзейнічанне станаўленню рэпрадуктыўнага маўлення дзяцей на беларускай мове.
Старэйшая група (ад пяці да шасці год)
Мэта: фарміраванне ўстойлівай цікавасці і станоўчых адносін да беларускай мовы, жадання авалодаць ёю.
Задачы развіцця выхаванца ў дзейнасці:
- далучаць дашкольнікаў да багацця беларускай мовы, фарміраваць каштоўныя адносіны да яе;
- стымуляваць зносіны на беларускай мове;
- развіваць пазнавальныя і моўныя здольнасці, назіральнасць адносна моўных з'яў, навыкі маўленчага самакантролю;
- звяртаць увагу на моўныя асаблівасці беларускай мовы ў параўнанні з рускай;
- развіваць навыкі разумення беларускай мовы, уменне адказваць на пытанні выхавальніка;
- заахвочваць дзяцей да самастойных выказванняў на беларускай мове.
Слоўнік
Узбагачэнне беларускага слоўніка дзяцей словамі - назвамі акаляючых прадметаў: назвамі цацак, вучэбных прылад (аловак, пэндзаль, сшытак),посуду, мэблі, адзення, хатніх рэчаў (гадзіннік, дыван, канапа), жывёл (вавёрка, трус,матылёк), садавіны і агародніны (цыбуля, бульба), колераў (ружовы,блакітны), якасцей (прыгожы, дужы, смачны, добры, дрэнны), дзеянняў ( глядзець, бачыць, сустракаць, расці).
Разуменне слоў рускай і беларускай моў, якія супадаюць або падобныя па вымаўленні, але маюць рознае лексічнае значэнне (неделя - нядзеля, діван - дыван і да т.п.).
Разуменне і ўжыванне абагульняльных слоў.
Ужыванне традыцыйных беларускіх формаў імёнаў (Алесь, Уладзя, Ян, Янка, Таццянка, Кастусь, Аленка).
Ужыванне форм ветлівасці на беларускай мове.
Граматычны лад маўлення
Разуменне маўленчых выказванняў рознай граматычнай структуры, чуласць да граматычнай правільнасці маўлення на беларускай мове.
Некаторыя асаблівасці граматычнага ладу беларускага маўлення: адзіночны і множны лік асобных назоўнікаў (садавіна, агародніна, крупы, дзверы); дапасаванне прыметнікаў да некаторых назоўнікаў (доўгі цень, белая казляня, вясёлы гармонік); утварэнне некаторых склонавых формаў назоўнікаў (бераг - на беразе, гарох - у гаросе, па палях, па лясах); прыналежных прыметнікаў (ляльчын, татаў,Алесеў, цётчын); параўнальнай (вышэйшы за, лепшы за) і найвышэйшай формаў прыметнікаў (вышэйшы за ўсіх, найпрыгажэйшы); прыслоўяў (уранку, узімку).
Спосабы ўтварэння назваў маладых істот (мышаня, тыграня, жарабя), назоўнікаў са значэннем адзінкавасці (бульба - бульбіна, морква - морквіна).
Ужыванне новых слоў у розных фразавых канструкцыях.
Фармуляванне пытанняў з дапамогай часціц ці, хіба, ужыванне ў мове прыназоўнікаў, словазлучэнняў з прыназоўнікамі у, да (у лес, да сябра), злучніка але.
Спецыфічна беларускія марфолага-сінтаксічныя звароты (баліць каму, хварэць на што, хадзіць у грыбы, у ягады, дзякаваць каму, смяяцца з каго і інш.).
Гукавая культура маўлення
Правільнае вымаўленне спецыфічна беларускіх гукаў:[ дж ], [ дз ],[ ц ].
Правільнае вымаўленне фрыкатыўных [ г ]; заўсёды цвёрдых гукаў [ ч ], [ р ], гукаспалучэнняшч ізалявана (у гукапераймальных словах), у словах і фразах; гука [ ў ] у словах і фразах.
Правільнае вымаўленне слоў з падоўжанымі зычнымі ў словах (калоссе, варэнне); выразнае вымаўленне ненаціскных галосных.
Правільнае вымаўленне рускіх і беларускіх слоў. падобных па гучанні (зверёк - звярок, ночь - ноч і да т.п.).
Звязнае маўленне
Слуханне і разуменне беларускага маўлення, мастацкіх твораў на беларускай мове - як празаічных, так і вершаваных; слуханне і разуменне мовы выхавальніка, адказы на яго пытанні.
Пераказ кароткіх казак і апавяданняў - як знаёмых, так і ўпершыню прачытаных.
Непадрыхтаванае звязнае маўленне (апісанне сітуацыі, вырашэнне пэўнай камунікатыўнай задачы - просьба, распавяданне, тлумачэнне і г.д.).
Стварэнне выказванняў самастойных па задуме і моўным афармленні.
Далучэнне дзяцей да роднай мовы
Хутка прыйдзе час, і сёняшнія дашкольнікі будуць вызначаць будучыню роднай Беларусі. І вельмі важна ўжо сёння звярнуць увагу на выхаванне ў іх пачуцця патрыятызму, выхаванне асобы з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, у центры якой будзе ўсведамленне ўласнай адказнасці за лёс Радзімы. Нацыя толькі тады будзе жыць і развівацца, калі кожнае наступнае пакаленне будзе зберагаць нацыянальныя традыцыі.
Праблема далучэння дзяцей да сваёй нацыянальнай культуры, да роднай мовы набывае актуальнасць у наш час у сувязі з агрэсіўным наплывам масавай культуры і стратай прадстаўнікамі розных народаў духоўнай сувязі са сваёй нацыянальнай культурай, сваёй роднай мовай. Менавіта зараз, ва ўмовах духоўнага крызісу ўзрастае неабходнасць далучэння дзіцяці да этнакультурных нацыянальных каштоўнасцей, стварэння ўмоў для фарміравання этнічнага самаўсведамлення маленькага грамадзяніна, выхавання ў яго ўмення з павагай і ўдзячнасцю адносіцца да стваральнікаў гэтых каштоўнасцей, жадання творча і асэнсавана іх засвойваваць.
Далучэнне да роднай мовы садзейнічае не толькі ўзбагачэнню мовы дзяцей, але і развівае іх пазнавальныя і інтэлектуальныя магчымасці, пашырае веды пра беларускую культуру.
Сення сам час патрабуе звярнуцца да сваіх вытокаў, далучаць дзяцей да беларускай нацыянальнай культуры, паглыбляць знаемства з родным краем, беларускімі традыцыямі, фальклорам, прывіваць пачуцце грамадкасці, любоў да Радзімы. Вельмі важна навучыць дзяцей з павагай ставіцца да беларускай мовы, не сароміцца на ёй размаўляць.
Паспяховаму авалодванню маўленчымі навыкамі дзяцей на беларускай мове ў яслях – садзе спрыяе:
- арганізацыя спецыяльных заняткаў на беларускай мове адзін раз на тыдзень працягласцю 20-25 хвілін у першай палове дня ў сярэдняй і старэйшых групах;
- правядзенне сітуацый зносін на беларускай мове па падгрупах у другой палове дня працягласцю 20 хвілін у тых жа групах;
- дачыненне да беларускай мовы ў пасіўнай форме з дзецьмі ад 3-х да 4-х гадоў у час слухання беларускіх песень, твораў мастацкай літаратуры, фальклору, прагляду мультфільмаў;
- прысутнасць дзяцей малодшага і сярэдняга дашкольнага ўзросту на святах, канцэртах, спектаклях, якія праводзяцца для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту на беларускай мове;
- увядзенне ў нерэгламентаваную дзейнасць беларускіх гульняў, праслухоўванне запісаў казак, вершаў на беларускай мове;
- наладжванне дзейсна-арыентаваных зносін: інсцэніроўкі, ролевыя гульні, гульні-драматызацыі на беларускай мове;
- арганізацыя адукацыйных сітуацый у розных відах дзейнасці на беларускай мове.
Увесцi рускамоўных дзяцей у атмасферу жывога беларускага слова, адчуць яе прыгажосць нам дазваляюць фальклорныя i лепшыя класiчныя творы для маленькiх дзяцей: калыханкi, забаўлянкi, песенькi, казкi, вершы i iнш. Гэта робiцца з мэтай развiцця першапачатковых навыкаў разумення мовы, умення паўтараць за выхавальнiкам i па меры магчымасцi самастойна ўзнаўляць узоры беларускага маўлення (асобныя словы, кароткiя забаўлянкi, песенькi, лiчылкi i г.д.), што служыць фармiраванню ў iх пачуццевай асновы руска – беларускага двухмоўя.